1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей! «Піянерскі лагер - чароўная краіна дзяцінства»

26.08.2022

Кожны год у першы дзень лета адзначаецца - Міжнародны дзень абароны дзяцей. Галоўная мэта гэтага свята не толькі дарыць дзецям радасць, весялосць і смех, але і завастрыць увагу грамадскасці на рэальных дзіцячых праблемах.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, калі праблемы захавання здароўя і дабрабыту дзяцей былі як ніколі актуальныя, у 1949 годзе ў Парыжы адбыўся кангрэс жанчын, на якім прагучала клятва аб барацьбе за забеспячэнне трывалага міру, як адзінай гарантыі шчасця дзяцей. А праз год, у 1950 годзе, 1 чэрвеня быў праведзены першы Міжнародны дзень абароны дзяцей, пасля чаго гэта свята праводзіцца штогод.

Міжнародны дзень абароны дзяцей — гэта магчымасць для дарослых гучна заявіць аб сваім жаданні і здольнасці зрабіць нешта добрае для дзяцей.

Адной з форм клопату аб падрастаючым пакаленні з'яўляецца арганізацыя дзіцячага вольнага часу, г.зн. аздараўленчых лагераў, прызначаных для часовага знаходжання дзяцей ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў з мэтай паўнавартаснага адпачынку і аздараўлення, а таксама фізічнага, культурнага і адукацыйнага развіцця. Як правіла яны функцыянуюць падчас летніх канікул, і для мільёнаў хлопчыкаў і дзяўчынак словы «лета» і «канікулы» - гэта словы-сінонімы, а для іх бацькоў, якія былі піянерамі, да гэтай пары дадаецца яшчэ адно слова: піянерлагер.

У часы СССР папярэднікам сучасных дзіцячых аздараўленчых лагераў былі піянерскія лагеры, якія з'явіліся з моманту ўтварэння піянерскай арганізацыі ў 1922 году. <Першыя лагеры ствараліся піянерскімі атрадамі, якія існавалі па месцы жыхарства або пры буйных прадпрыемствах. Гарадскія піянеры выязджалі ў лагер, арганізаваны на адзін летні сезон, ўжо склаўшымся саставам са сваім пастаянным важатым. Фактычна такі лагер быў працягам атраднай дзейнасці ў летні перыяд з упорам на спартыўнае і ваенна-патрыятычнае выхаванне. Часта піянеры аказвалі дапамогу жыхарам вёскі і вялі асветніцкую працу сярод сельскіх дзяцей, умацоўваючы смычку горада і вёскі. Першым піянерлагерам новага тыпу, упор у якім быў зроблены не на ваеннае і працоўнае выхаванне, а на аздараўленне хлопчыкаў і дзяўчынак, стаў адкрыты ў 1925 годзе знакаміты лагер «Артэк».

У БССР самым буйным піянерскім лагерам стаў лагер піянерскага і камсамольскага актыву школ Беларусі «Зубраня», які адкрыўся на беразе сінявокай Нарачы летам 1969 года.

Сто гадоў таму «узвіліся вогнішчамі сінія ночы» ў першых піянерскіх лагерах. З таго часу кожнае лета мільёны дзяцей адпраўляліся ў краіну «Піянерыю» — жыць асаблівым лагерным жыццём, вучыцца самастойнасці, раскрываць таленты і, вядома, папраўляцца і набірацца сіл пасля стомнага навучальнага года.

У фондах Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці захоўваюцца дакументы аб арганізацыі вольнага часу піянераў у піянерскіх лагерах.