«Сейбіт шчасця, натхнёны спявак…»

26.08.2022

да 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы

Янка Купала - сімвал беларускага народа. Яго талент вызначыў не толькі шлях развіцця роднай мовы і літаратуры, але таксама фармаваў нацыянальную самасвядомасць.

Сёлета адзначаецца знамянальная дата - 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч). Беларускі паэт і перакладчык, драматург, публіцыст, асоба, значэнне якой для беларускай нацыі цяжка пераацаніць. У Год гістарычнай памяці асабліва важна памятаць і аддаваць даніну такім вялікім людзям, так як гістарычная памяць з'яўляецца асновай культурнай пераемнасці пакаленняў і нацыянальна-грамадзянскай ідэнтычнасці.

Памяць пра вялікага класіка беларускай літаратуры жыве не толькі ў сэрцах нашчадкаў, яна таксама ўвасоблена ў шматлікіх помніках культуры. У гонар Я. Купалы названа вялікая колькасць вуліц і сквераў, бібліятэк і тэатраў, пры гэтым не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Імя Янкі Купалы носяць вуліцы ў многіх гарадах Беларусі, Расіі і Украіны. Імя Янкі Купалы носіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. У Мінску імем Я.Купалы названы найстарэйшы Тэатр краіны, які стаў нацыянальным брэндам — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Яго імем названы Інстытут літаратуры і мовы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, гарадская бібліятэка, станцыя метро, парк імя Янкі Купалы, вуліца Янкі Купалы.

Сярод дакументаў, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці, ёсць і звязаныя з імем народнага паэта. Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы супрацоўнікамі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў падрыхтавана падборка электронных дакументаў, якая тычыцца жыцця і дзейнасці класіка, стварэння Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка.